Новости
Прыйшла Масленіца да нас у школу не толькі з блінамі, а прынесла з сабою вясёлыя песні, народныя забавы і гульні, спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы.
Наша Масленка-прыгажуня прыбралася ў прыхожую хустку, апранула паліто, намалявала ружовыя шчокі і вусны. Не даць, не ўзяць – хоць на подыум адпраўляй! І прыйшла да нас яна не адна, а са сваёй раднёй. У яе свіце былі цётухна Лянота, дзядзька Стрэс, бабуля Сварка, дзядуля Гультай. З імі ў навучальным годзе нават змаглі пасябраваць і некаторыя нашы вучні. А на свята вырашылі з гэтымі “сябрамі” развітацца.

Кірмаш прысмакаў сярод вучняў школы паказаў, што не перавяліся на вольнаўскай зямлі яшчэ руплівыя гаспадынькі і шчодрыя гаспадары. Былі на сталах пірагі і сырнікі, блінцы і пернікі, дыміліся самавары з гарачым чаем. Запрашалі адведаць прысмакаў са свайго стала гаспадыні з кожнага класа, а дзяўчаты-латошніцы Андрушкевіч Вераніка і Дубешка Ганна раздавалі прызы ўсім тым, хто прачытаў верш, праспяваў песню ці ўспомніў цікавую гісторыю з жыцця. Журы конкурсу “Масленіца-гаспадыня” было цяжка вызначыць лепшых гаспадынь, якія прыгатавалі смачныя стравы на сталы. Усе класы пастараліся на славу і за гэта былі адзначаны прызамі.

DSC01472

Вядучыя свята Налівайка Дар’я і Грыгаран Раман тым часам запрашалі ўсіх гасцей свята прыняць удзел у народных забавах: пахадзіць на хадулях, вызначыць лепшую каманду па перацягванні каната, перамагчы ў “Пеўневых бойках”, надзець сапраўдны хамут на шыю і пабыць у ролі ездака. Весялілі ўсіх на свяце нашы скамарохі. У гэтых ролях выступалі Паўлючэнка Мікіта і Дораш Іван. Яны забаўлялі прысутных народнямі прыказкамі, прымаўкамі, загадвалі загадкі, прасілі дзяцей пракукарэкаць, памяўкаць і пагаўкаць. У выкананні школьных артыстаў гучалі на свяце вясёлыя масленічныя песні, а пад песні дзеці і дарослыя прытанцоўвалі.

DSC01548

А якая ж Масленіца без гарачых бліноў! І тут пастараліся мамы і бабулі нашых вучняў. Якіх толькі бліноў тут не было! З мёдам, з грыбамі, маслам, варэннем, згушчонкай. Якія ж яны смачныя з гарачым чаем ды яшчэ на свежым паветры! Частавалі ўсіх гасцей на свяце. Ніхто не застаўся і без падарунка. Для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства працавала гульнявая пляцоўка.

Кульмінацыяй свята стала спальванне чучала Масленіцы і ўсіх тых заганаў, ад якіх вучні школы хацелі б пазбавіцца ў гэтым годзе.
Я думаю, што доўга яшчэ ў нашай школе будзе гучаць: “А памятаеш, як на Масленіцу…”
Ух, ты! Масленіца! Чакаем цябе ў госці, але ўжо на наступны год. Да сустрэчы, Масленіца-гаспадынька!
 
Карпюк Святлана вучаніца 11 класа ДУА “Вольнаўская СШ”