Новости

У гімназіі №1 горада Дзятлава прайшоў 15 Пленум раённага савета ГА “БРПА” па тэме “Піянерскі рух на Дзятлаўшчыне: роўныя магчымасці для дзяцей і дарослых”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі члены гарадскога піянерскага штаба, Дзіцячай палаты, пярвічных арганізацый ГА “БРПА” ўстановаў адукацыі раёна, педагогі-арганізатары. У якасці ганаровых гасцей пленума прысутнічалі ветэраны піянерскага і камсамольскага руху Яўгенія Савань, Людміла Халопік, Ганна Скрундзь. 

Старт мерапрыемству даў урачысты вынас сцяга Дзятлаўскай раённай піянерскай арганізацыі. 

З парадкам дня, дзе было прапанавана разгледзець тры пытанні, прысутных азнаёміла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава па рабоце з дзіцячымі арганізацыямі і аб’яднаннямі Ірына Мішчанка. Яна ж выступіла з асноўным дакладам па першым пытанні “Аналіз дзейнасці піянерскіх дружын раёна за 2017 год і вызначэнне перспектываў далейшага развіцця”. 

UCIc59NjfJg 1

У прыватнасці зазначыла, што колькасць членаў ГА “БРПА” ў раёне складае 1826 піянераў з 14 дружын. Яны ўдзельнікі многіх акцый і праектаў, актывісты і валанцёры, эколагі і цімураўцы. Сярод значных піянерскіх праектаў – “На славу продкаў трымайце крок” (быў скіраваны на дастойную сустрэчу 95-годдзя Піянерыі), “Пазнаючы час, пазнаеш сябе” (актывізаваў гісторыка-даследчую дзейнасць навучэнцаў) і іншыя. За справаздачны перыяд зроблена шмат, і па выніках рэалізацыі праграмы дзейнасці Гродзенскай абласной піянерскай арганізацыі ў 2016/2017 навучальным годзе Дзятлаўскі раённы савет ГА “БРПА” адзначаны дыпломам трэцяй ступені. Па выніках удзелу ў рэспубліканскім лідар-форуме “Моладзевае лідарства: сучасны фармат” каманда клуба “Лідар” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава ўзнагароджана дыпломам пераможцы НДАЦ “Зубраня” за лепшую прэзентацыю сацыяльна-значнага праекта ў намінацыі “Жыві для творчасці, твары для жыцця”. 

4A 7NkDc00E

Другім пытаннем пленума была білборд-акцыя “3D-час адзіных дзеянняў”. У рамках яе прысутныя пабачылі бенефіс “Я, ты, ён, яна – піянерская краіна”, накіраваліся ў віртуальны тур “Піянерскі фармат”, паўдзельнічалі ў лідар-party “Мы разам”. 

Трэцім пытаннем было абмеркаванне мегапраекта “Музей гісторыі піянерскага руху на Дзятлаўшчыне”. Удзельнікі пленума не на словах, а на справе палажылі пачатак рабоце над праектам. Яны прынялі ўдзел у рабоце лідар-студый “Музей будучыні” і “Юныя экскурсаводы”. На дапамогу піянерам прыйшлі ветэраны моладзевага руху і работнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, якія сталі спецыялістамі лідар-студыі “Архівы мінулых гадоў”. Вядома, работа над стварэннем раённага музея піянерыі толькі пачалася, але праект быў прыняты ўдзельнікамі пленума адзінагалосна. 

Напрыканцы сустрэчы былі падведзены вынікі, прынята пастанова пленума і ўручаны ўзнагароды пераможцам раённых піянерскіх конкурсаў.

Старшыня РС ГА “БРПА” І.А. Мішчанка